[ svaboda logo ] [ svaboda.org ] [ Belarusian ]
  серада, 8 кастрычніка 2008
Палітыка    [ раздрукуйце старонку ] -    - тэкставая вэрсія
субота, 8 сьнежня 2007, 21:12
Першы дзень зьезду Партыі БНФ ня вырашыў пытаньня лідэрства Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў менскім Палацы культуры аўтазаводу пачаў працу зьезд Партыі БНФ. На зьезд было абрана 264 дэлегаты, прысутнічала 242. Паводле вынікаў другога туру галасаваньня па выбарах старшыні Партыі БНФ, Вінцуку Вячорку не хапіла для пераабраньня 3 галасоў: ён атрымаў 118 галасоў, Алесь Міхалевіч – 110. Віктар Івашкевіч з 26 галасамі выбыў з барацьбы ў першым туры.

Як і чакалася, на пасаду старшыні Партыі БНФ былі вылучаны тры кандыдатуры – цяперашні лідэр партыі Вінцук Вячорка, ягоныя намесьнікі Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Кожны зь іх выступіў зь 10-хвілінай прамовай. Першым узяў слова Алесь Міхалевіч.

Ён заявіў, што не дазволіць удзельнічаць партыі БНФ у кааліцыях толькі дзеля кааліцыяў і будзе наладжваць шчыльнае супрацоўніцтва з ідэалягічна роднаснымі партыямі і арганізацыямі. Спадар Міхалевіч падкрэсьліў неабходнасьць стварэньня альтэрнатывы кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку:

Міхалевіч: Вылучаны Партыяй БНФ Аляксандар Мілінкевіч стаўся сапраўдным нацыянальным лідэрам, які здолеў аб’яднаць абсалютную большасьць людзей, якія жадаюць пераменаў у нашай краіне. Бліжэйшым часам мы ня здолеем правесьці яшчэ адну настолькі ж эфэктыўную інфармацыйную кампанію па стварэньні альтэрнатывы дзейнаму кіраўніку дзяржавы. Таму праца з нашым кандыдатам на выбарах 2006 года Аляксандрам Мілінкевічам застаецца для партыі стратэгічным прыярытэтам.

У сваім выступе Вінцук Вячорка заявіў, што партыя БНФ – адзіная нацыянальна адказная палітычная сіла. Паводле спадара Вячоркі, акрамя нацыянальнай незалежніцкай ідэі няма іншага цэмэнту для яднаньня. Адносна ўдзелу ў кааліцыях спадар Вячорка сказаў:

Вячорка: Калі мы маем згуртаваную ідэйную плятформу, якая адпавядае нашым поглядам, калі мы маем права вэта, калі мы маем магчымасьць уплываць на рашэньні і фармаваць гэтыя рашэньні, нам абавязкова трэба пашыраць сфэру свайго ўплыву, а не змаыкацца ў цеснай шкарлупіне, ствараць самім сабе палітычны “лягушатнік”. Трэба не баяцца ўвязвацца ў палеміку з калегамі па дэмакратычным лягеры, выйграваць гэтую палеміку і сваімі ініцыятывамі весьці іх за сабой. Гэта пазыцыя моцнага, а не слабака. Наступны год будзе ня толькі для Беларусі годам шанцу, але будзе для фронту дасьведчанага і адкрытага новым выклікам шанцам вярнуць сабе палітычную ініцыятыву, павесьці за сабой.

У сваім выступе Віктар Івашкевіч нагадаў, што 8 сьнежня 1991 года былі падпісаныя Белавескія пагадненьні і дзякуючы руху БНФ “Адраджэньне” Беларусь стала незалежнай. Але сёньня сытуацыя для захаваньня незалежнасьці Беларусі пагрозьлівая як ніколі. І наступны год будзе годам барацьбы за незалежнасьці. Віктар Івашкевіч сказаў:

Івашкевіч: Але дзеля таго каб супрацьстаяць расейскай экспансіі і захаваць незалежнасьць мы мусім супрацьпаставіць ідэі аб’яднаньня з Расеяй іншую моцную і прывабную ідэю. Таму агітацыйна кампанія “За эўрапейскі выбар” ёсьць ключавой кампаніяй наступнага году.

Паводле спадара Івашкевіча, другая важная кампанія – гэта кампанія за свабодныя выбары. Ён нагадаў, што неабходна дамагацца рэалізацыі 12 прапаноў Эўразьвязу. Толькі на фоне гэтага магчымая перамога трэцяй кампаніі – выбарчай, мэта якой стварэньне фракцыі БНФ у Палаце прадстаўнікоў. Рэалізацыя гэтых плянаў магчымая толькі тады, калі БНФ з маленькай партыі, адной з маленькіх партыяў АДС, ператворыцца ў масавую партыю, лідэра шырокага народнага руху. Віктар Івашкевіч таксама сказаў:

Івашкевіч: Галоўнае пытаньне – ці здолее БНФ рэальна бараніць незалежнасьць Беларусі. 13 сьнежня ў Менск прыяжджае расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Яго задача – выкруціць рукі Лукашэнку пры дапамозе эканамічнага шантажу і прымусіць яго падпісаць Саюзную дамову. Рэальнае жыцьцё не дае нам часу на доўгія зборы. Мы павінны выступаць ужо зараз. І таму я заклікаю ўсіх сябраў БНФ, усіх прыхільнікаў свабоды і эўрапейскага выбару выйсьці 12 сьнежня ў 18 гадзін на Кастрычніцкую плошчу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы і эўрапейскі сьцягі і лёзунгі “За незалежную Беларусь!” і “Не – саюзнай дамове!”


Зьезд Партыі БНФ. Першы дзень, 8.12.2007
Што кажуць пра зьезд БНФ ягоныя ўдзельнікі?, 8.12.2007


 Знайдзі артыкул паводле
або
 Гл. таксама
9.12.2007 [Палітыка]
9.12.2007 [Палітыка]
9.12.2007 [Палітыка]
9.12.2007 [Палітыка]
9.12.2007 [Палітыка]
9.12.2007 [Палітыка]
8.12.2007 [Палітыка]
8.12.2007 [Палітыка]
8.12.2007 [Палітыка]
галоўная