[ svaboda logo ] [ svaboda.org ] [ Belarusian ]
  субота, 22 лістапада 2008
Экспэртыза свабоды    [ раздрукуйце старонку ] -    - тэкставая вэрсія
чацьвер, 6 сьнежня 2007, 14:7
Чаго Пуцін прыедзе ў Беларусь? Валер Карбалевіч, Менск Паводле папярэдняй інфармацыі, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наведае Менск 13—14 сьнежня. Зь якімі прапановамі і падарункамі ён прыяжджае? Ці магчымы нейкі зрух у будаўніцтве саюзнай дзяржавы? Які сэнс цяпер Лукашэнку дамаўляцца па стратэгічных пытаньнях з чалавекам, які праз паўгода сыходзіць?

Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Зь якімі прапановамі і падарункамі прыяжджае Пуцін?

Валер Карбалевіч: “Заплянаваны візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Беларусь выглядае нечаканым і трохі дзіўным. Беларускі і расейскі прэзыдэнты не сустракаліся ўжо цэлы год. Зараз у Пуціна шмат справаў у Маскве, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі, перафарматаваньнем улады.

Ёсьць фармальныя пытаньні зацьвярджэньня бюджэту Саюзнай дзяржавы на наступны год, і дзеля гэтага трэба правесьці паседжаньне вышэйшага дзяржсавету гэтай інстытуцыі. Але яго можна было правесьці ў Маскве. І ўвогуле бывалі часы, калі гэты бюджэт зацьвярджалі пад сярэдзіну году.

А вось цяпер Пуцін прыяжджае ў Менск, прычым на два дні. Зусім нядаўна сюды ж прыяжджаў прэм’ер Расеі Зубкоў. Акрамя таго, афіцыйныя расейскія асобы, напрыклад — амбасадар у Беларусі Сурыкаў, заяўлялі, што наступным годам цана на газ для Беларусі складзе 125 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. А беларускі віце-прем’ер Сямашка называў лічбу 119,5 даляраў на першы квартал. Гэта відавочна менш за тыя кошты, якія павінны быць паводле леташняга пагадненьня, і відавочна менш за цэны для Ўкраіны (180 даляраў).

З усяго гэтага можна меркаваць, што Масква робіць крокі насустрач Менску, у адносінах назіраецца пацяпленьне, Пуцін едзе ў Менск з важнымі прапановамі і з падарункамі, як Дзед Мароз перад Новым годам. Ці вы так ня лічыце?

Кірыл Коктыш: “Не, я так не лічу. Наўрад ці дамоўленасьці паміж прэзыдэнтамі будуць пралягаць у тым рэчышчы, у якім яны разьвіваліся дасюль. Пуцін едзе ў Менск, каб не надаваць легітымнасьці Лукашэнку ў сэнсе яго інтэграцыі ў расейскую палітычную прастору, што мела б месца, калі б ён прыехаў у Маскву. Акрамя таго, Пуцін хоча высьветліць тую сыстэму каардынатаў, у якой цяпер знаходзіцца Менск”.

Андрэй Фёдараў: “Думаю, Пуцін напярэдадні свайго сыходу хоча вырашыць “беларускае пытаньне”, каб не пакідаць пераемніку лішняе праблемы. Гэты год быў вельмі напружаны ў двухбаковых дачыненьнях. Але, здаецца, пад канец году назіраецца пацяпленьне, асабліва ў газавым пытаньні, хоць афіцыйна гэтае пытаньне пакуль не вырашана. Але гэтыя магчымыя саступкі Масквы — адказ на нейкія саступкі з боку Беларусі. І вось Пуцін едзе ў Менск, каб іх зафіксаваць”.

Ці магчымы нейкі зрух у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы?

Карбалевіч: “Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Барадзін кажа, што на парадку дня паседжаньня вышэйшага дзяржсавету ёсьць пункт пра Канстытуцыйны акт. Вось сп. Фёдараў і некаторыя іншыя экспэрты сьцьвярджаюць, што перад сваім сыходам Пуцін хоча вырашыць “беларускае пытаньне”, каб не пакідаць пераемніку лішняе праблемы. Існуе і старая вэрсія, што з дапамогаю канструкцыі саюзнай дзяржавы цяперашні прэзыдэнт Расеі хоча прадоўжыць сваё палітычнае жыцьцё і статус кіраўніка Расеі. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

Коктыш: “Сцэнар працягненьня Пуціным свайго палітычнага жыцьця з дапамогаю канструкцыі саюзнай дзяржавы наўрад ці рэальна правесьці ў жыцьцё.

Але хачу зьвярнуць увагу на такі важны маркер: бюджэт саюзнай дзяржавы на наступны год названы самым мілітарысцкім за ўсю гісторыю гэтай структуры. Таму, думаю, галоўным пытаньнем, якое будзе абмяркоўвацца, стане ваенна-стратэгічнае супрацоўніцтва ў супрацьстаяньні Захаду. Бо заходнія краіны ацанілі расейскія выбары даволі крытычна. Да таго ж Маскву трывожыць гульня Менску з Захадам. Таму, магчыма, адбудзецца такі разьмен: Расея робіць саступку ў газавых цэнах, а Беларусь бярэ на сябе абавязак кансалідавацца з Расеяй супраць Захаду”.

Карбалевіч: “Сп. Фёдараў, вы кажаце, што Пуцін едзе ў Менск, каб вырашыць “беларускае пытаньне”. Але з гледзішча Масквы вырашыць яго можна, толькі далучыўшы Беларусь да Расеі”.

Фёдараў: “Я як раз гэта і маю на ўвазе. Мы ведаем, што “салавей саюзнай дзяржавы” Барадзін шмат разоў трапляў пальцам у неба. Але, магчыма, цяпер ён кажа праўду, і сапраўды на парадку дня паседжаньня вышэйшага дзяржсавету ёсьць пункт пра Канстытуцыйны акт. Калі ён будзе падпісаны, то менавіта на расейскіх умовах.

А вось сцэнар працягненьня Пуціным свайго палітычнага жыцьця з дапамогаю канструкцыі саюзнай дзяржавы я не лічу верагодным. Бо ён шмат разоў казаў, што ня хоча мяняць Канстытуцыю. Але ў выпадку рэалізацыі гэтага сцэнару давядзецца мяняць канстытуцыі і Расеі, і Беларусі. У любым выпадку з дапамогаю льготных цэнаў на газ Беларусі будуць выкручваць рукі”.

Фёдараў: “Беларусь — ня той козыр, якім Расея можа пабіць заходнія карты”

Карбалевіч: “А цяпер разгледзім візыт Пуціна ў піяраўскім рэчышчы прэзыдэнцкай кампаніі, як яшчэ адзін унёсак у антызаходнюю прапагандысцкую хвалю, якая цяпер уздымаецца ў Расеі. У рамках гэтай задачы візыт менавіта ў Беларусь выглядае лягічным.

Але канфлікт Расеі з Захадам — што гэта, часовая зьява на пэрыяд выбарчай кампаніі або доўгатэрміновы трэнд? У другім выпадку роля Беларусі ў палітыцы Расеі ўзрастае”.

Коктыш: “Гэта піярны мэсыдж Масквы ў бок Захаду. Ёг гучыць так: калі вы ня будзеце прызнаваць легітымнасьць нашых выбараў, то Расея ўзмоцніць саюз зь Беларусьсю. Каб пераканаць Лукашэнку ўзяць удзел у гэтай гульні, Пуцін і прыяжджае ў Менск”.

Фёдараў: “Я не разглядаю візыт Пуціна ў такім сэнсе. Беларусь — ня той козыр, якім Расея можа пабіць заходнія карты. Саюзам зь Беларусьсю Захад не напужаць”.

Коктыш: “Справа ў тым, што Расея і Захад ня могуць сур’ёзна сапсаваць адносіны. Бо існуе вялікая ўзаемная залежнасьць ад паставак энэргарэсурсаў. Таму канфрантацыя будзе на піярным, а не на глыбейшым узроўні. Візыт Пуціна — гэта тактычны манэўр. Калі ён удасца, то можа паўплываць на кошт расейскага газу для Эўропы”.

Фёдараў: “На Захадзе таксама разумеюць, што радыкальна сапсаваць дачыненьні з Расеяй цяжка, амаль немагчыма. Калі гэта ўсе разумеюць, то ўся гэтая піяр-гульня траціць сэнс”.

Карбалевіч: “СССР таксама вельмі шмат пастаўляў у Эўропу нафты і газу. Але гэта не перашкодзіла “халоднай вайне”.

Ці трэба цяпер Беларусі падключацца да антызаходняй кампаніі Расеі?

Карбалевіч: “У гэтым годзе замежная палітыка Беларусі зрабілася гнутчэйшай, больш асьцярожнай, сьцішылася антызаходняя рыторыка (у гэтым сэнсе Менск і Масква памяняліся месцамі), Лукашэнка зрабіў шэраг жэстаў у бок Эўропы. Ці трэба цяпер Беларусі падключацца да антызаходняй кампаніі Расеі? І ўвогуле, які сэнс цяпер Лукашэнку дамаўляцца ў стратэгічных пытаньнях з чалавекам, які праз паўгода сыходзіць і невядома, якую ролю ён будзе гуляць у расейскай палітыцы. Можа, лепш пачакаць паўгода, пакуль сытуацыя праясьніцца?”

Коктыш: “Пытаньне ў тым, ці ёсьць такі выбар у Лукашэнкі? Ён пойдзе на супрацоўніцтва з Эўропай, калі тая дасьць рэальныя грошы. А вось калі Расея прапануе льготныя цэны на газ, то Лукашэнка будзе вымушаны схіляцца туды”.

Фёдараў: “Беларусь будзе спрабаваць, як гэтым годам, балянсаваць паміж Расеяй і Эўропай. І візыт Пуціна ў Менск узмацняе пазыцыі Менску на перамовах з Захадам”.


 Знайдзі артыкул паводле
або
 Гл. таксама
6.12.2007 [Палітыка]
23.2.2007 [Палітыка]
галоўная